У Гародні сустрэлі 40-тысячнага бязвізавага турыста
У Гародні сустрэлі 40-тысячнага бязвізавага турыста. Пра гэта паведаміла намесніца начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гарадзенскага аблвыканкама Таццяна Лідзяева.
Юбілейным турыстам стаў 60-гадовы Леонас Літвінавічус з Вільні. Мужчына ўпершыню наведаў Гародню. Прыехаў у складзе тургрупы. Прызнаецца, што яго ўразілі гарадзенскія замкі, гістарычны цэнтр горада. Турысту ўручылі сувеніры.
Найбольшая колькасць бязвізавых турыстаў, якія прыязджаюць у Гародню, – грамадзяне Літвы і Польшчы. Часцей за ўсё ў рэгіён прыязджаюць падчас двухдзённых тураў. Зрэшты, ёсць і тыя, хто затрымліваецца на ўсе 10 дзён. Калі раней пераважалі групавыя турысты, то сёння амаль палова ўсіх бязвізавых гасцей падарожнічаюць індывідуальна.
