У Гародні сужэнства судзяць за пікет у інтэрнэце
Суд Ленінскага раёна Гародні 25 траўня пачаў разгляд адміністрацыйнай справы Сяргея і Вольгі Верамеенкаў. Адметнасць гэтага працэсу ў тым, што паводле складзенага супрацоўнікамі міліцыі пратаколу па арт. 23.34 КаАП, іх вінавацяць у правядзенні пікетавання, якое выявілася ў дэманстрацыі бел-чырвона-белага сцяга.
Суддзя ленінскага раённага суда, Руслан Гурын заслухаў абвінавачаных, а таксама міліцыянта Аляксея Вайцешку, які выступіў у ролі сведкі. Пад час суда высветлілася, што гэты сведка не змог назваць ані часу пачатку, ані канца пікету. Судовае паседжанне над сужэнствам Верамеенкаў у Гародні перанесена да 30-га траўня. На гэты дзень выкліканы ўчастковы інспектар непасрэдны складальнік адміністрацыйнага пратакола.
Кажа прысутны на судовым паседжанні праваабаронца Уладзімір Хільмановіч:
— Аляксей Вайцешка публічна, у прысутнасці 15 чалавек заявіў, што ён асабіста аддаў распараджэнні не проста правесці апытанне падазраваных у здзяйсненні правапарушэння, а даў канкрэтныя інструкцыі ўчастковаму міліцыянту Уладзіміру Казлоўскаму: як складаць гэты пратакол пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне. І ён жа, Аляксей Вайцешка, адначасна выступае асноўным і галоўным сведкам на гэтым судовым працэсе. Большы юрыдычны абсурд прыдумаць цяжка.
Фатаграфаванне з нацыянальнымі сімваламі гарадзенскага сужэнства Верамеенкаў і размяшчэнне на ўласнай старонцы сацыяльнай сеткі інтэрнэта сведка Аляксей Вайцешка ацаніў, як пікет.
На судовае паседжанне Сяргей і Вольга Верамеенкі прыйшлі з рэчамі, на выпадак, калі ім прысудзяць адміністрацыйны арышт.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя