У Гародні свята для дзетак з хоспісу
Навагодняе свята для дзетак з Гарадзенскага дзіцячага хоспіса імя Святога Губерта адбылося ў „Цэнтры гарадскога жыцця”. Дзеткі разам з гарадзенскімі мастакамі стваралі карціны па працах вядомай мастачкі Валянціны Шобы.
Пра свята распавядаюць бацькі дзетак, што знаходзяцца пад апекай хоспісу:
– З вялікім задавальненнем займаюцца маляваннем, падабаецца вельмі.
– Мы як пачалі ў хоспіс хадзіць, то зразумелі, што ў яго ёсць талент. Да гэтага часу мы не ведалі, што дзіцяці гэта падабаецца і што ён будзе захапляцца гэтым.
Пра важнасць такіх сустрэч распавядае куратарка праекту Ірына Варкулевіч:
– Гэтыя людзі, калі б не было хоспісу, яны сядзяць замкнута ў сваіх дамах, у якіх часамі няма не тое што пад’езду для інвалідаў, няма ліфта, у нас няма ў грамадскім транспарце пандусаў. У нас ніводны музей, ніводная кавярня не прыстасаваная для гэтых людзей, таму мы іх не бачым на вуліцах. Яны вымушаныя быць дома са сваімі сем’ямі, хоспіс як раз з’яўляецца клубам, які не толькі дапамагае дзецям рэабілітавацца ці з лекамі, або нейкімі працэдурамі.
Кожны з дзетак атрымаў падарункі, а карціны, намаляваныя падчас свята, будуць выстаўлены на дабрачынным аўкцыёне.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Cяргея Апановіча