У Гародні – свята настольных гульняў



Гарадзенцы адсвяткуюць 29 красавіка як міжнародны дзень настольных гульняў. У гэты дзень у цэнтры горада на вуліцы Кірава у дворыку крамы “Кубік” адбудзецца вялікі фэст настолак.

Пра будучае свята распавядае адзін з арганізатараў фэсту Антон Янкоўскі:

– Можна прыйсці пагуляць, паўдзельнічаць у турнірах, выйграць розныя настольныя гульні. Проста весела правабіць час. Разам адсвяткаваць такую адметную дату. Свята разлічана на розныя катэгорыі – ад дзіцячай, моладзевай, да дарослай. Будуць розныя гульні. Той жа “Каркасон”, у яго будуць гуляць дзеці ад васьмі год. У турніры “Дойліды” – таксама могуць удзельнічаць дзеці ад васьмі год. Дарослым будуць цікавыя гульні для высёлых кампаній і гіганцкія настольныя гульні.

Па словах Антона Янкоўскага, падобнае баўленне вольнага часу вельмі папулярнае сярод гарадзенцаў.

– Мы праводзім розныя невялікія гульні. Таксама ладзім фестываль настольных гульняў кожную восень. Зараз вырашылі яшчэ, што адкрываць летні сезон, сезон летняга вулічнага адпачынку з настолкамі, варта святкаваннем міжнароднага дня настолак. Тым больш, што пасля гэтага дня, кожную суботу і нядзелю, да нас можна прыйсці і гуляць у дворыку ў настолкі.

Фэст настольных гульняў пачнецца ў 12.30 29 красавіка і будзе працягвацца да раніцы 30 красавіка. Для начной забавы сваё месца аматарам настольных гульняў прадставіць бар “Карсар”.

Беларускае Радыё Рацыя