У Гародні трох фігурантаў „справы Ціханоўскага” асудзілі на тэрміны ад 2 да 4 гадоў (абноўлена)



У Гародні, праз амаль пяць месяцаў крымінальнага судовага працэсу, асуджаны тры фігуранты „справы Ціханоўскага” – Дзмітрый Фурманаў, Уладзімір Кніга, Яўген Разнічэнка. Кожны з іх быў асуджаны суддзёй Вольгай Бекушавай на розныя тэрміны калоніі.

„Найбольшы тэрмін атрымаў Уладзімір Кніга – чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, Яўген Разнічэнка – тры з паловай гады калоніі агульнага рэжыму, а  Дзмітрый Фурманаў асуджаны на два гады калоніі агульнага рэжыму,” – кажа пасля абвешчанага прысуду Раман Юргель, праваабаронца Беларускага Хельсінкскага камітэту, які назіраў за працэсам.

– Чамусьці як і па прысуду гэтым тром мужчынам, так і па прысуду шафёру Ціханоўскага не быў дапытаны ні паліттэхнолаг Шкляраў, якога, як мы ведаем, Лукашэнка вызваліў пасля званку Пампео, можа ён праз скайп з Амерыкі штосьці праясніў, што адбывалася на самой справе. Ці датычны ён, ці не датычны да нейкіх тэхналогій. Не быў дапытаны таксама ні Ціханоўскі, ні Статкевіч, ні Севярынец.

Хаця, як заўважае Раман Юргель, у абвінавачанні пракурор паведаміў, што, маўляў, „паслухаўшы Статкевіча, Севярынца, і натхніўшыся нейкімі заклікамі і праграмамі”, гэныя людзі на санкцыянаваным мерапрыемстве па зборы подпісаў, „правялі несанкцыянаванае масавае мерапрыемства”, забароненае гарвыканкамам.

„Нейкая бязглуздзіца!” – заўважае Раман Юргель.

– Надзея на тое, што толькі адкрытымі справядлівымі выбарамі  ў наступным годзе ці праз 2-3 гады, у адзін дзень, калі будуць праведзеныя гэтыя выбары, галосна, адкрыта, са зменай выбарчага заканадаўства, то тады будуць нейкія надзеі на нейкую трансфармацыю грамадства, судовай сістэмы, праваахоўнай сістэмы і ўвогуле палітычнай сістэмы.

Асуджаныя падчас следства і суда сваёй віны не прызналі, і нягледзячы на марнасць, плануюць абскарджваць пастанову Кастрычніцкага суда Гародні ў вышэйшай інстанцыі.  Апрача калоніі,  абвінавачаныя мусяць выплаціць міліцыянтам Казлоўскаму і Рахунку па 1000 рублёў кампенсацыі. На вынясенне прысуду прыйшло каля чатырох дзясяткаў гарадзенцаў.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя

***

У судзе Кастрычніцкага раёну Гародні з 18 студзеня разглядалі крымінальную справу супраць траіх фігурантаў „справы Ціханоўскага”, якіх затрымалі на выбарчым пікеце 29 траўня мінулага года ў Гародні: палітвязня Дзмітрыя Фурманава, Яўгена Разнічэнку і Уладзіміра Кнігі.

Сёння, 2 чэрвеня, вынеслі прысуд па гэтай гучнай справе. Траіх фігурантаў абвінавацілі ў актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак 29 траўня ў Гародні (ч.1 арт. 342 КК). Акрамя гэтага, Разнічэнку і Кнігу прызналі вінаватымі ў гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да міліцыянтаў (арт. 364 КК).

Суддзя Вольга Бекушава пакарала Дзмітрыя Фурманава — двума гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, Яўгена Разнічэнку — трыма з паловай гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, Уладзіміра Кнігу — чатырма гадамі калоніі строгага рэжыму. Менавіта такое пакаранне запрашваў пракурор Мікіта Мыслівец. Таксама суд абязаў Разнічэнку і Кнігу выплаціць пацярпелым участковым Казлоўскаму і Рахунку па 1000 рублёў маральнай шкоды.

spring96.org