У Гародні ціснуць на актывіста Анатоля Мышкевіча
Кіраўніцтва гарадзенскага прадпрыемства „Белкард”, дзе працуе грамадскі актывіст Анатоль Мышкевіч, аказвае на яго маральны ціск.
Гэта адбылося пасля таго, як Анатоль вырашыў абараняць 28 сакавіка кіроўцаў Гарадзенскага аўтапарку на судзе ў якасці грамадскага абаронцы. Кажа Анатоль Мышкевіч:
– Прафсаюзам было выдадзена даверанасць на маё імя, каб я мог прадстаўляць у судзе інтарэсы Дзмітрыя Юргеля, які таксама з’яўляецца чальцом прафсаюза РЭП. Да нядаўняга часу з’яўляўся работнікам аўтобуснага парка. Ён, як і яшчэ два работнікі парка, пайшлі ў суд. Ён патрабаваў ад працадаўцы звольніць яго па 41 артыкуле ў сувязі з парушэннямі працоўнага заканадаўства. Працадаўца адмовіўся, камісія па працоўных спрэчках таксама адмовіла, бо гэта ўсё адна і тая ж банда.
Пасля таго, як Мышкевіч з’ездзіў на некалькі гадзін у суд, да яго ад кіраўніцтва завода адразу з’явіліся нейкія абвінавачванні:
– Запатрабавалі напісаць тлумачальную, начальства выдурыла мазгі. Я думаю, што дырэктару патэлефанавалі з гарвыканкама. Гой неаднаразова пакрываў парушэнні гэтага аўтапарка – злачынствы, махінацыі, якія здзяйсніліся ў аўтобусным парку. Пра гэта не раз заяўлялі работнікі аўтапарка. У тым, каб замяць гэтую справу, было зацікаўлена гарадское кіраўніцтва. Я напісаў у тлумачальнай, што мной ўсё было зроблена дакладна, адзінае, што звальняльную я не пакінуў на прахадной.
Анатоль Мышкевіч збіраецца 28 сакавіка з’явіцца ў судзе над працоўнымі аўтапарка, і думае, што за гэта кіраўніцтва „Белкарду” прыменіць да яго новыя санкцыі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня