У Гародні ў гандлёвых цэнтрах спявалі „Купалінку”
У суботу, 29 жніўня, у двух гандлёвых цэнтрах Гародні мясцовыя жыхары, пераважна жанчыны, спявалі „Купалінку”. Імправізаванае выкананне песні адбывалася ў супермаркетах Triniti і OldCity.
На некалькі паверхах гандлёвага цэнтру спявала каля сотні мінакоў, большасць з якіх былі ў масках на твары.
Кажа адзін з удзельнікаў акцыі:
– Як мне здаецца, падобныя акцыі абуджаюць народ. Дапамагаюць ім прачнуцца, адчуць еднасць, зразумець, што ты не адзін, жаданне штосьці змяніць. Гэта адзін аспект. Другі аспект, што так, як спяваюцца беларускія песні, на беларускай мове, гэта добра спрыяе адраджэнню гістарычнай культуры самой Беларусі. Тое, што было забыта і занядбана.
Цікавым момантам акцыі было тое, што падчас спявання песні адзін з прысутных стаў на калена і зрабіў прапанову сваёй каханай. А міліцыянты, што прыехалі папярэдзіць прысутных, што акцыя з’яўляецца несанкцыянаванай – не змаглі нікога папярэдзіць, таму што людзі паспелі разысціся па крамах. Падобная акцыя адбылася і ў іншым гарадзенскім гандлёвым цэнтры “ОлдСіці”.
фота Сяргея Апановіча, Беларускае Радыё Рацыя