У Гародні ўлады паабяцалі палепшыць сітуацыю з беларускай мовай



Вырашыць пытанні вонкавага афармлення дзяржаўных устаноў па-беларуску паабяцаў кіраўнік ідэалагічнага аддзелу Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэту Павал Скрабко сябрам мясцовай рады ТБМ. Ніколі за апошнія гады не была такая сумная сітуацыя з беларускай мовай у дзяржаўных установах: усе новыя шыльды, асабліва пасля рамонтаў, вывешываюцца на мове суседняй краіны, – кажа сябра абласной рады Таварыства Беларускай мовы Аляксандр Місцюкевіч:

– Паглядзім, таму што многія чыноўнікі і раней абяцалі, што будуць і шыльды па-беларуску, і надпісы на прыпынках, але ж гэта пакуль што не робіцца. На маю думку, просты чыноўнік, які займаецца гэтай справай, яму цяжка гэта зрабіць. Адзін чыноўнік, які можа гэтую справу паправіць – гэта старшыня аблвыканкама, які на нарадзе ў панядзелак паставіў гэтае пытанне перад кіраўнікамі арганізацый.

На працягу месяца-двух сябры Таварыства беларускай мовы плануюць атрымаць справаздачу па выпраўленні сітуацыі на карысць Беларушчыны. Паабяцана, што з’явяцца шыльды па-беларуску ў кінатэатры „Космас”, „Усход”, якія нядаўна былі пазбаўлены беларускай мовы.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя