У Гародні ўшанавалі Маці Божую Фацімскую
Сто год апошняга з’яўлення Маці Божай у Фаціме адзначылі ў Гародні вернікі Грэка-каталіцкай Царквы.
Цэлы 2017 год для вернікаў Каталіцкай Царквы – юбілейны. Тады, у 1917 годзе ў маленькім партугальскім мястэчку Фаціме, маленькім пастушкам з’явілася Багародзіца, якая распавяла ім, якія падзеі чакаюць Свет у 20-м стагоддзі.
Кажа парах грэка-каталіцкай парафіі „Маці Божай Фацімскай у Гародні” айцец Андрэй Крот:
– Нам распавядаюць, што гэта датычыла ўсёй тагачаснай Расейскай імперыі, у склад якой уваходзіла і Беларусь. І я думаю, што для нас, беларусаў, гэтыя таямніцы важныя, таму што мы, як народ, які знаходзіўся ў суседстве з гэтай краінай, якая для нас была то братам, то ворагам, закліканыя да таго, каб маліцца за навяртанне яе народу. За адзінства цэркваў. За тое, каб Багародзіца апекавалася не толькі нашай краінай, але і ўсімі суседнімі краінамі.
Такая вялікая геаграфічная адлегласць Фацімскіх падзеяў ад Беларусі не перашкаджае шанаваць гарадзенцам цуды Багародзіцы і верыць у яе заступніцтва. Кажуць вернікі:
– Калі ў якойсьці патрэбе мы звяртаемся да яе, на ружанцы заўсёды ўспамінаем у гэтым вобразе. Паколькі сапраўды адчуваем гэтую апеку.
– Яна хоча падняць нас з кален, каб выжылі нашыя дзеці. Мне здаецца, што Свет заліты крывёю.
З нагоды стогадовага юбілею Фацімскіх падзеяў, беларускія вернікі малітоўна прыгадваюць Расею, як краіну, за якую нясуць маральную і духоўную адказнасьць перад Богам.
Падчас нядзельнай службы у Гародні, грэка-каталіцкія вернікі атрымалі ружанцы, пазначаныя юбылейнай датай Фацімскага цуда, а таксама праглядзелі фільм польскіх кінематарграфістаў пра Фацімскія таямніцы.
[Not a valid template]
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара