У Гародні ўсталявалі памятную шыльду Антону Валынчыку



На фасадзе корпуса Купалаўскага ўніверсітэта па вуліцы Дзяржынскага з’явілася памятная шыльда Антону Валынчыку – хормайстру, дырыжору, шчыраму беларусу.

img_5540

Гісторыя ўсталявання шыльды пачынаецца каля дзесяці год таму. Таварыства беларускай мовы Гародні ініцыявала ўсталяванне шыльды, а тагачасны старшыня аблвыканкама Сямён Шапіра падтрымаў гэтую ідэю. Антон Валынчык цягам многіх гадоў працаваў у педагагічным інстытуце, таму гэта была справа гонару паставіць шыльду на ўніверсітэцкім будынку.

Папярэдняя шыльда, якая была ўсталявана, адразу ж была знята з прычыны нізкай мастацкай вартасці і граматычных памылак. Яшчэ засталося пытанне: ці працаваў Антон Валынчык у гэтым корпусе? Бо на шыльдзе напісана менавіта гэта. Так ці інакш, прыемна, што душа музыкі дачакалася ўшанавання памяці да 110-ых угодкаў ад нараджэння.

Галоўнымі ініцыятарамі па ўсталяванні шыльды былі Аляксандр Талерчык і Аляксандр Місцюкевіч з Таварыства Беларускай Мовы. Прыкра, што руплівец беларушчыны Аляксандр Талерчык не дажыў да гэтага дня – ён памёр 5 траўня бягучага году.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара