У Гародні ўзгадалі 75-ю гадавіну паўстання ў Варшаўскім гета



У Гародні ў залі польскага генеральнага консульства прайшла імпрэза да 75 гадавіны з дня выбуху паўстання ў Варшаўскім гета. Сярод гасцей – мастак Алесь Сураў, які зрабіў інсталяцыю сваіх работ пад назвай „Паштоўкі з мястэчка”.

Гэта як малюнкі, паштоўкі, адпраўленыя з таго часу ў наш час. Выстава – напамінанне пра той час, які быў у нашых мястэчках і гарадах, што існавала не толькі постсавецкая і нібыта беларуская культура, а была шматнацыянальная культура. І палякі, і беларусы, і расейцы, украінцы, літоўцы, татары – усе суседзі, якія тут жылі, стваралі вельмі прыгожы вобраз нашых гарадкоў. На жаль, зараз гэтага няма – зараз нейкі сурагат.

Імпрэза пераважна насіла канцэртную форму. Шмат музыкі ў выкананні гурта Laudate Dominum і скрыпача Славы Панькова. На імпрэзе, апрача дыпламатаў, выкладчыкаў сярэдняй і вышэйшай школ, прысутнічалі школьнікі, а таксама госці з Варшавы і Данбровы. Такая сустрэча – добры спосаб паразумення і пашырэння габрэйска-хрысціянскага дыялогу. Кажа Яўген Калодзін прадстаўнік асацыяцыі ShomerInternational:

Нарадзілася жаданне рабіць гістарычныя праекты, культурніцкія, тэалагічныя дыскусіі, пазнаваць адзін аднаго, каб руйнаваць розныя стэрэатыпы, якіх за вякі трошачкі назбіралася. І мы лічым, што падобнае мерапрыемства як ушанаванне ахвяр паўстання ў Варшаўскім гета, дарэчы, некаторыя з якіх – выхадцы з Беларусі. Напрыклад, Марк Эдэльман нарадзіўся ў Гомелі, Цывія Любэткін нарадзілася ў мястэчку Быцень.

19 красавіка 1943 года ў Варшаве выбухла паўстанне ў гета. У той час там пражывала каля 55 тысяч чалавек. 16 траўня нацысты афіцыйна абвясцілі, што Варшаўскае гета знішчана. Аднак малыя паўстанцкія групы працягвалі змаганне яшчэ да ліпеня. Усяго ў баявых дзеяннях загінула каля тысячы абаронцаў гета, а яшчэ 5 тысяч згарэла ў агні.

[Not a valid template]

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара