У Гародні ўзгадалі ахвяраў Халакосту



У цэнтры Гародні на вуліцы Замкавай адбыўся мітынг памяці ахвяраў Халакосту, які сабраў прадстаўнікоў розных канфесій, грамадскіх арганізацый і дыпламатычнага корпусу.

Першыя словы на мітынгу прамовіў прадстаўнік міжканфесійнай габрэйска-хрысціянскай службы Шомэр-Інтэрнэшнл Яўген Калодзін:

– Мы помнім не толькі трагедыю: 6 мільёнаў габрэйскіх ахвяр. Мы таксама помнім тых, хто рызыкаваў сваімі жыццямі, ратуючы габрэйскае жыццё. Гэта праведнікі сярод народаў свету. І іх прадстаўнікі ёсць сярод усіх народаў – беларускага, польскага, літоўскага, украінскага. Гэта былі людзі розных поглядаў, розных вераванняў. Мы рады, што ў горадзе Гародні ёсць яшчэ тры жывыя сям’і.

Кажа пастар лютэранскай кірхі ў Гародні Уладзімір Татарнікаў:

– Мы збіраемся тут – прадстаўнікі розных канфесій і розных рэлігій, каб ушанаваць памяць нявінна забітых. І таксама гаварыць пра горад Гародню, дзе было, калі не памыляюся, 30 тысяч жыхароў габрэйскай нацыянальнасці. І толькі 200 чалавек выжыла. У Гародні было два гета. Сёння мы прыйшлі памаліцца. Усе мы, прадстаўнікі розных канфесій, – праваслаўныя, католікі, лютэране, пратэстанты, іудзеі – разам. Каб Госпад прыняў іх у сваё вечнага царства.

Выступілі таксама прадстаўнікі каталіцкага касцёла, праваслаўнай царквы і таксама генеральныя консулы Літоўскай Рэспублікі і Рэспублікі Польша ў Гародні. Пасля прамоваў на невялічкім мітынгу памяці акцыя працягнулася ў Гарадзенскай харальнай сінагозе, дзе прадстаўлена выстава, прысвечаная Халакосту.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча