У Гародні ўзгадалі падзеі Першай сусветнай



Сто гадоў мінула з акупацыі кайзераўскімі войскамі Гародні. Трэцяга верасня пачалася амаль чатырохгадовая акупацыя. Пра ўзяцце Гарадзенскай крэпасці, баі вакол яе, эвакуацыю рускіх войскаў і зброі, пра лёсы ўцекачоў і рэакцыю людзей Гарадзеншчыны на вайну – пра ўсё гэта размаўлялі ў гарадзенскай краме “Ц”.

Пра тое, што патрэбна для вывучэння гісторыі Першай сусветнай вайны, распавядае гарадзенскі гісторык Віталь Карнялюк:

– Першая сусветная вайна – гэта крывавая і драматычная старонка нашай гісторыі. І вельмі важна, каб у працэсе вывучэння гэтай гісторыі мы мелі на ўвазе, што вывучаем гісторыю свайго народа, а значыць гісторыю ўсіх тых людзей, якія ў гэты час жылі і па-рознаму адчулі на сабе гэтую вайну.

Зміцер Люцік:

– Зусім невялікая памяць засталася пра вайну. У міжваенны перыяд, калі Гародня была ў складзе Польшчы, па ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі польскімі ўладамі за нямецкія грошы былі адноўлены вайсковыя могілкі нямецкіх салдат, часткова расейскіх, калі такія пахаванні былі ў тым месцы. Пасля вайны ніякіх працаў па ўшанаванні памяці загінулых у Першай сусветнай вайне не вялося.

На наступнай сустрэчы ў краме “Ц” раскажуць пра рэканструкцыю сярэднявечных музычных інструментаў. Імя выступоўцы на гэту тэму арганізатары вырашылі агучыць на старонках у сацыяльных сетках, а пакуль яго трымаюць у таямніцы.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня