У Гародні ваенны «Тыгр» сутыкнуўся з таксі
Ва Упраўленні ўнутраных спраў Гарадзенскага аблвыканкама пракаментавалі інфармацыю аб сутыкненні ваеннай тэхнікі з легкавым аўтамабілем у Гародні.
Увечары 11 жніўня телеграм-каналы паведамілі, што падчас сутыкнення аўтамабіля і ваеннай тэхнікі загінулі чатыры чалавекі. Гэтыя звесткі абверг агенцтву БелаПАН афіцыйны прадстаўнік Упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама Яўген Дудко. Паводле яго слоў, увечары 11 жніўня на вуліцы Дзекабрыстаў у Гародні сапраўды адбылася аварыя з удзелам ваенна-тэхнічнай машыны «Тыгр» і таксі, але ніхто не загінуў.
Чатыры чалавекі, якія ляжалі тварам у зямлю і якіх бачылі відавочцы, былі ня загінулымі, а затрыманымі пасажырамі таксі, заявіў Дудко. Ён таксама дадаў, што раней яны неаднаразова здзяйснялі правапарушэнні.
Як раней паведамлялася, у Гародні браніраваны джып сілавікоў пратараніў машыну з дзіцём. Пра гэта «Нашай Ніве» распавёў чалавек, які адвёз маці з дзяўчынкай у шпіталь:
– У машыне якую збіў джып пацярпела дзяўчынка 5 гадоў, яна была акрываўленая крывёю. Даставіў яе і маці ў хуткую, лекары сказалі патрэбна аперацыя. Мужа затрымалі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: facebook.com