У Гародні валанцёры дапамаглі шпіталям



Гарадзенскія валанцёры перадалі тром гарадзенскім шпіталям адмысловыя рэспіратары.

Пра першы валанцёрскі пачын распавядае адзін з каардынатараў валанцёраў у Гародні Вадзім Саранчукоў:

– Першыя паўтары тысячы рэспіратараў высокага класа абароны мы перадалі гарадзенскім медыкам: інфенкцыёнцы, дзіцячай клініцы, абласной клініцы. Уражанні, канешне, вельмі пазітыўныя. Медыкі былі вельмі задаволеныя.

Вадзім Саранчукоў упэўнены, што кожнаму валанцёру знойдзецца свой кавалак працы:

– Праз каналы дапамогі мы збіраем патрэбы ад лякарняў, тое, што трэба менавіта зараз. Адпаведна мы выйшлі на сувязь з тымі лекарамі, якія да нас звярталіся, і проста асабіста дамовіліся на перадачу. Я вельмі спадзяюся, што колькасць валанцёраў будзе павялічвацца, таму што сродкі абароны для медыкаў толькі першае, што трэба на сёння. А трэба на самой справе вельмі шмат, пачынаючы ад дапамогі састарэлым, схадзіць у краму, аптэку, і заканчваючы тым, што патрэбна машына, каб завесці ў лякарню перадачу.

Далучыцца да гарадзенскіх валанцёраў можна праз актывістаў розных партый і арганізацыяў, а таксама праз адмысловую гугл-форму.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота facebook.com