У Гародні “Велашкола” навучыць карыстацца роварам



Грамадскае аб’яднанне раварыстаў  „ВелаГродна” у межах  ініцыятывы «Ад каманднай гонкі да агульнай мэты» запусціла  навучальны курс для пачаткоўцаў „Велашкола”.

Гэтая школка разлічана на пачаткоўцаў розных узростаў. На працягу трох заняткаў з дапамогай трэнера жыхары Гародні  змогуць «з нуля» навучыцца ездзіць на ровары.

Пра адметнасць навучання распавядае кіраўніца “ВелаГродна” і выкладчыца школкі Юлія Каляда:

– Для таго, каб навучыць ездзіць на ровары тых людзей, якія яшчэ не ўмеюць ездзіць. Мы пакуль не бярэмся трэніравацца ў асобных відах спорту, у велаэкстрыме, галоўнае, мы набіраем групу з тых, хто не навучыўся нават круціць педалі. Цікавае і тое, што мы навучаем людзей рознага ўзросту. Да нас прыходзяць і дзеці. Пакуль мы вучым дзяцей ад 5-6 гадоў. Але як толькі з’явяцца маленькія ровары, зможам браць і малодшых дзяцей. Таксама да нас прыходзяць дарослыя, пенсіянеры прыходзяць.

Для некаторых навучэнцаў заняткі ў “Велашколе”  былі першай спробай праехацца на ровары:

– Навучыцца аказалася няцяжка, але ж патрэбная практыка. У дзяцінстве я каталася, але падала. Цяпер не падаю і спадзяюся, што і далей буду ездзіць.

– Я сама сюды прыйшла з дачкой. Я сёння навучылася катацца. Было страшна, бо вельмі баялася ўпасці і штосьці сабе пашкодзіць. Але ўсё атрымалася.

Ініцыятыва “Велашкола”  рэалізуецца ў у Гародні ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь» («БЕЛМЕД»), што фінансуецца Еўрапейскім Звязам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

 

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня