У Гародні віншуюць з Новым годам усіх, акрамя…беларусаў (фотафакт)
Адна з цэнтральных плошчаў гораду над Нёманам, якая мае імя Леніна, ужо ўпрыгожана пад Новы год. Сярод іншага на адным з вялікіх плакатаў змешчаны Дзед Мароз з віншаваннем ажно на чатырох мовах. Тэкст гэты напісаны па-расейску, па-ангельску, па-польску і па-літоўску. Толькі мове тытульнай нацыі – беларускай – на гэтым віншаванні не знайшлося месца.
Ні то адпаведная служба гораду зрабіла так наўмысна, ні то канкрэтным распрацоўнікам і выканаўцам плакату забракла мазгоў, але ў кожным разе такое віншаванне ёсць абразай для ўсіх беларусаў, што прыязджаюць альбо жывуць у Гародні.
Плакат размешчаны якраз паміж аблвыканкамам і гарвыканкамам, побач штодзень тут праходзіць процьма чыноўнікаў, але ніхто з іх не звярнуў дагэтуль увагі на такое публічнае хамства.
Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя