У Гародні вучылі камп’ютарнай бяспецы
Прадстаўнікі гарадзенскіх грамадскіх арганізацый, журналісты ў межах HrodnaMediaRoom у памяшканні Цэнтра гарадскога жыцця прайшлі навучанне па камп’ютарнай бяспецы.
Пра тое, каму патрэбныя такія веды, кажа эксперт па кібербяспецы Мікалай Кванталіані:
– Я лічу, што гэтыя веды патрэбныя кожнаму чалавеку: гэта можа быць і школьнік, і хатняя гаспадыня, альбо калі ты працуеш на заводзе. Бо гэта права абараніць сваю прыватнасць. І калі ў нас ёсць веды пра тое, як ажыццяўляюцца атакі на нашу прыватнасць, ёсць нейкія пагрозы, у нас ёсць магчымасць маленькімі крокамі абараніць сваю прыватнасць.
Для журналіста і фатографа, сябра Беларускай асацыяцыі журналітаў Аляксандра Саенкі ў дадзеных умовах працы журналіста такія трэнінгі вельмі патрэбныя:
– Дадзеныя трэнінгі па камп’ютарнай бяспецы вельмі важныя цяпер, бо абвастраюцца ганенні на журналістаў, прыходзяць з вобшукамі, і трэба мець веды, каб бараніць інфармацыю, мець важныя паролі, як засцерагчы ад небяспекі свой тэлефон і камп’ютар.
Па словах арганізатараў, падобныя трэнінгі ў Гародні будуць ладзіцца па меры неабходнасці і па просьбе грамадскіх актывістаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня