У Гародні выдалі бясплатныя візы на “Басовішча”



Больш пяцідзесяці чалавек атрымалі візы ў консульстве Рэспублікі Польшча ў Гародні на 26-ты фестываль музыкі маладой Беларусі „Басовішча”.

Фестываль, які адбудзецца 17-18 ліпеня, штогод ладзіцца ва ўрочышчы Барык на польска-беларускім памежжы. У параўнанні з мінулымі гадамі колькасць жадаючых трапіць на „Басовішча” была значна меншай.

Як зазначае Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гародні Анджэй Хадкевіч, усе жадаючыя паехаць на фестываль атрымалі візы без рэгістрацыі:

– Арганізацыя выезду на фестываль “Басовішча” ўжо цягам многіх гадоў тая ж самая: арганізатары фестывалю загадзя звяртаюцца да консульства, яшчэ вясной, і узгадняюць, якая будзе група ўдзельнікаў з Беларусі, хто будзе яе арганізатарам у Беларусі.

Генеральнае консульства Рэспублікі Польшча ў Гародні на працягу апошніх  пяці гадоў ажыццяўляе візавую падтрымку аматараў музыкі, якія выязджаюць на фестываль “Басовішча”. Усе, хто звяртаецца за дапамогай, атрымліваюць кароткатэрміновыя бясплатныя візы, якія даюць магчымасць наведаць адну з самых значных музычных падзеяў года.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня