У Гародні выйшаў часопіс, прысвечаны жнівеньскім падзеям
Рэдакцыя Hrodna.life выпусціла ў свет папяровы часопіс, прысвечаны падзеям жніўня 2020 году.
Тыя падзеі, на думку рэдактара Аляксея Шоты, з’яўляюцца вельмі важным гістарычным момантам:
– Гэта не першы, а нават нулявы нумар часопіса Hrodna.life на паперы. Ён цалкам прысвечаны падзеям жніўня 2020 года. Вядома, падзеі развіваюцца ўжо які месяц. Але мы абмежавалі менавіта толькі жніўнем, бо інакш ён быў бы бясконцым. 22 паласы, ад 9 жніўня з дня выбараў усе падзеі: затрыманні, рэпрэсіі, маршы, сустрэчы з уладамі на плошчы. Гэта такі помнік гэтай эпохі.
Над выданнем працавала амаль уся рэдакцыя Hrodna.life, а таксама былі выкарыстаны здымкі іншых журналістаў:
– Усе матэрыялы з’яўляліся раней на сайце, яны былі перапрацаваныя, скарочаныя пад гэты часопіс. Ім займалася рэдактарка спецпраектаў Ірына Новік. У часопісе збольшага артыкулы ўсіх нашых журналістаў: Руслана Кулевіча, Алены Кавальчук, Надзеі Вішнеўскай і іншых. Здымкі збольшага нашых журналістаў. На вокладцы здымак выдатнай фатографкі Тут.бай Кацярыны Гардзеевай. А на апошняй старонцы вокладкі – малюнак нашага мастака Алеся Сурава, называецца “Нараджэнне нацыі”.
Аляксей Шота спадзяецца, што наступны нумар часопіса з’явіцца ў свет яшчэ ў 2020 годзе і рэдакцыя плануе выдаваць 5-6 тэматычных нумароў у год.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча