У Гародні з падазрэннем на адзёр з пачатку траўня шпіталізаваны 30 чалавек
У Гародні рэгіструюцца выпадкі адру, але пра эпідэмію гаворкі не ідзе, паведаміла БелаПАН галоўны ўрач Гарадзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Яніна Шарэнда.
Паводле яе слоў, з пачатку месяца наяўнасць інфекцыі падазраюць у 30 чалавек, яны знаходзяцца ў інфекцыйнай бальніцы. У 11 пацыентаў адзёр пацверджаны лабараторнымі аналізамі, дзевяць чалавек выпісана са стацыянара. Астатнія чакаюць канчатковага заключэння.
Ускладненне сітуацыі, адзначыла медык, звязана з завозам захворвання з-за мяжы.
Аб успышцы адру ў Гародні першым паведаміў телеграм-канал Nexta. Паведамлялася, у прыватнасці, што адзёр у Гародню прывёз студэнт з Польшчы і ў некаторых студэнцкіх інтэрнатах абвясцілі каранцін. Таксама паведамлялася, што ходзяць чуткі пра тое, што адна студэнтка памерла.
„Гэта неабгрунтаваныя чуткі, якія перашкаджаюць працаваць, — заявіла Шарэнда. — Так, у Гародні ёсць адзёр. Праводзяцца санітарна-супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы, у тым ліку дадатковая імунізацыя, перш за ўсё тых, хто кантактаваў з хворымі. Вакцыны дастаткова. Медыцынскія работнікі арганізавалі назіранне за ўсімі асобамі, якія кантактавалі з хворымі, з мэтай выявіць захворванне на пачатковай стадыі”.
Пры падазрэнні на адзёр грамадзяне накіроўваюцца ў інфекцыйную бальніцу. Паводле слоў галоўнага ўрача Гарадзенскага занальнага ЦГЭ, цяжкіх выпадкаў захворвання на адзёр не выяўлена, „ніхто не трапляў у рэанімацыю і тым больш не паміраў”. Яна адзначыла, што ўзровень імунізацыі супраць адру ў горадзе не знізіўся ў параўнанні з папярэднімі гадамі, ахоп прышчэпленых дзяцей складае 98%.
belapan.by