У Гародні за хабар затрымалі дырэктара „Гроднааблсаюздруку”



Ленінскім РАУС Гародні ўзбуджаная крымінальная справа за „Атрыманне хабару паўторна, альбо шляхам вымагальніцтва, альбо групай асобаў па папярэдняй змове, альбо ў буйным памеры” ў дачыненні да дырэктара аднаго з абласных аптова-рознічных прадпрыемстваў.

Як растлумачылі ў прэс-службе Упраўлення ўнутраных спраў Гарадзенскага аблвыканкама, 71-гадовы мужчына ў 2015 годзе двойчы ад жыхара Менска атрымліваў грашовыя сродкі, а таксама матэрыяльныя каштоўнасці за спрыяльнае рашэнне пытанняў, звязаных з заключэннем дамоў пастаўкі і першачарговым пераліку на разліковы рахунак камерцыйнай структуры. Дырэктар прадпрыемства затрыманы. Праводзіцца далейшая праверка.

Паводле інфармацыі s13 гаворка ідзе пра кіраўніка „Гроднааблсаюздруку”. Па прад’яўленым абвінавачванні заканадаўства прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці.