У Гародні за здзек з падазраваных асудзілі двух міліцыянтаў
Упершыню ў Гародні за перавышэнне службовых паўнамоцтваў перад судом паўсталі такія высокапастаўленыя супрацоўнікі УУС: падпалкоўнік і маёр міліцыі.
Крымінальная справа па факце дзеянняў, „спалучаных з гвалтам, пакутай ці абразай пацярпелага”, была заведзеная Следчым камітэтам яшчэ ў чэрвені 2014 года.
Інфармацыі пра тое, што менавіта зрабілі гарадзенскія міліцыянты, было вельмі мала. Праваахоўнікі спасылаліся на таямніцу следства, а судовы працэс зрабілі закрытым. Аднак, па чутках, гарадзенскія міліцыянты пры допыце карысталіся процігазамі і палкамі, якія яны устаўлялі ў анальную адтуліну затрыманага. Так нібыта супрацоўнікі УУС спрабавалі раскрыць двайное забойства прадавачак у лідскай краме. Аднак гэтую інфармацыю афіцыйна так ніхто і не пацвердзіў.
Следства і судовыя слуханні па гэтай рэзананснай справе ішлі паўтара года. І вось нарэшце суд Кастрычніцкага раёна горада Гародня вынес сваё рашэнне.
Перад залай пасяджэння было незвычайна шматлюдна. Прысутныя стаялі невялікімі групкамі і нягучна адзін з адным перагаворваліся, аднак каментаваць судовы працэс і той, і іншы бакі адмаўляліся.
Нарэшце абвяшчаецца прысуд.
— Па ч. 3 арт. 426… 4 гады пазбаўлення волі з адбываннем тэрміну пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму… — хутка і будзённа стаў зачытваць прысуд суддзя Дзяніс Раманішка, які вёў гэтую справу.
У выніку былы начальнік аддзела па раскрыцці маёмасных злачынстваў быў прысуджаны да 4 гадоў пазбаўлення волі, а яго падначалены, старшы ўпаўнаважаны гэтага ж аддзела, атрымаў 6 гадоў пазбаўлення волі.
Былыя супрацоўнікі УУС рашэннем суда былі пазбаўленыя афіцэрскіх званняў, аднак суд вырашыў не канфіскоўваць у іх маёмасць. Праўда, пацярпеламу абвінавачаныя павінны будуць выплаціць 65 мільёнаў беларускіх рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды. Акрамя таго, былыя міліцыянты не змогуць затым займаць на працягу пяці гадоў якія-небудзь пасады ў праваахоўных органах. Пачуўшы вердыкт, зала войкнула: большасць з прысутных у зале з’яўляліся калегамі падсудных і прыйшлі сюды, каб маральна падтрымаць сваіх былых таварышаў па службе.
Ці будуць былыя падпалкоўнік і маёр абскарджваць прысуд у вышэйшай інстанцыі, пакуль не вядома. Для падачы касацыйнай скаргі ў іх застаецца 10 дзён.