У Гародні забаранілі правядзенне пікета
Улады Гародні не дазволілі правесці пікет Аб’яднанай гарамадзянскай партыі, актывісты якой хацелі правесці інфармацыйную акцыю ў Каложскім парку. Акцыю планавалі правесці 13 верасня, аднак амаль за тыдзень да гэтага заяўнікі атрымалі адпіску ад гарадскіх уладаў.
Каментуе Ігар Банцар, адзін з заяўнікаў інфармацыйнай акцыі ў Гародні:
– Як мы і меркавалі, улада спужалася масавага мерапрыемства апазіцыі і адказала нам адмовай. У канцы дапісалі, што калі мы не згодныя з іх рашэннем, то павінны пайсці і абскардзіць гэта ў іх кішэнным судзе, рашэнне якога мы ведаем загадзя. Гэта ў чарговы раз паказала, што ў нас у горадзе палітычныя баязліўцы, якія баяцца, што людзі будуць выказваць альтэрнатыўнае меркаванне, казаць праўду, а не слухаць казкі пра тое, як мы добра жывем пад мудрым кіраўніцтвам. Пажывем – убачым, будзем канешне і далей распаўсюджваць мэты і задачы сваёй партыі незалежна ад жадання гарадской ўлады.
За апошнія 15 гадоў у Гародні амаль усім прадстаўнікам апазіцыйных партый было адмоўлена ў правядзенні ў горадзе любых акцый. Адзіная за 15 год дазволеная акцыя адбылася 25 сакавіка 2017 года, арганізатарамі якой былі прадстаўнікі “Гавары праўду”.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня