У Гародні запрашаюць паназіраць за птушкамі
Аматары назіраць за птушкамі з гарадзенскага аддзялення таварыства “Ахова птушак Бацькаўшчыны” запрашаюць у вясновыя вандроўкі – назіранні.
Кажа сябра таварыства “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Зміцер Вінчэўскі:
– Ёсць такая максіма, якая мне падабаецца вельмі, яна гучыць: „Мы заўважаем толькі тое, што ведаем”. Таму першае, асноўнае, што варта зрабіць, гэта паспрабаваць больш даведацца. Сапраўды, як я кажу, недалёка ад дому, не так важна, дзе мы насамрэч жывём. Ёсць шмат відаў, проста трэба навучыцца заўважаць, навучыцца назіраць, тады вельмі шмат цікавых момантаў можа адкрыцца.
Па яго словах, стаць назіральнікам за птушкамі і далучыцца да каманды можа кожны ахвотны:
– Ёсць такое большае ці меншае кола аднадумцаў, якіх можна за дзень прыкладна запрасіць і яны пагодзяцца далучыцца. Таксама такія выезды арганізуюцца. Не так цяжка, як гэта здаецца, за горадам канешне можна пабачыць нашмат больш. Нашмат інтэнсіўней працякаюць усе гэтыя міграцыйныя працэсы, можна сустрэць больш відаў, больш пазітыўных уражанняў атрымаць. Я лічу, што гэта такая наша адметная рыса, што ёсць такія людзі, з якімі амаль у любы момант можна паездзіць паназіраць за птушкамі.
Падрабязна даведацца пра выезды-назіранні за птушкамі можна на сайце “Птушкі штодня”, а самыя прыгожыя здымкі з назіранняў можна пабачыць на выставе Зміцера Вінчэўскага, што ўжо тыдзень дэманструецца ў “Цэнтры гарадскога жыцця” Гародні.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня