У Гародні затрымалі некалькіх пратэстоўцаў і журналістаў



У Гародні пасля вечаровае акцыі 22 жніўня сілавікі затрымалі некалькі чалавек. Як паведамляе «Гарадзенская вясна», у суботу на плошчы Леніна прайшлі два мерапрыемствы. Першае, у падтрымку Лукашэнкі, адбылося днём. Увечары на плошчы зноў сабраліся тыя, хто не згодны з абвешчанымі ЦВК вынікамі выбараў.

Сілавікі ў масках на двух мікрааўтобусах дагналі групу маладых людзей, якія ўжо пакінулі плошчу, і некалькі чалавек заштурхалі ў свой транспарт. Сярод затрыманых актывіст і музыкант Ігар Банцар, Максіміліян Крывец, Артур Купшакоў, Аляксей Павук, Дзяніс Буднік, Павал Каральчук.

У гэты ж дзень у Гародні была затрыманая журналістка Hrodna.life Ірына Новік разам з мужам Анатолем Новікам, калі яны здымалі мітынг у падтрымку Лукашэнкі.

Беларускае Радыё Рацыя