У Гародні затрымалі пілота квадракоптара, які падымаў БЧБ-сцяг



1 лістапада каля 15:00 супрацоўнікі міліцыі перахапілі квадракоптар, які лётаў з бел-чырвона-белым сцягам на вул. Савецкая. Пілота затрымалі. Ім аказаўся кіраўнік аднаго з прыватных прадпрыемстваў, на акцыях пратэсту ён не з’яўляўся.

БЧБ-сцяг у Гародні 25 кастрычніка.

1 лістапада мужчына запускаў сваю тэхніку, знаходзячыся каля Нёмана на вуліцы Леванабярэжная. Ён быў затрыманы ў момант пасадкі квадракоптара.

— Паглядзеў у інтэрнэце, як лётаюць з сцягам, хацеў праверыць грузападымальнасць — ці падыме мой (квадракоптар) такі ж сцяг, — патлумачыў мужчына.

Гарадзенец казаў, што вылецеў са сцягам першы раз. Міліцыя выявіла, што гэты ж квадракоптар лётаў над вуліцай Савецкая 25 кастрычніка. Цяпер праводзіцца праверка па факце палёту падобнай прылады ў раёне ААТ „Гародня Азот”.

У дачыненні да мужчыны склалі адміністрацыйныя пратаколы за парушэнні правілаў пікетавання. У Гародні і вобласці маецца пералік месцаў, дзе забароненыя палёты любых лятальных сродкаў у мэтах бяспекі. Сюды ўваходзіць і тэрыторыя каля ААТ „Гародня Азот”.

hrodna.life