У Гародні затрымалі студэнтаў ГрДУ, якія збіраліся спяваць песні



У панядзелак 28 верасня студэнты Гарадзенскага купалаўскага ўніверсітэта сабраліся, каб спяваць разам. Акцыя не адбылася, але дваіх удзельнікаў затрымалі. Каля 15-ай блізу корпуса філалагічнага факультэта на Леніна сабраліся сем студэнтаў, іх было няшмат, таму вырашылі проста стаяць – піша Hrodna.life. Спачатку да іх падышла жанчына з адміністрацыі ўніверсітэта, маўляў, усе студэнты сядзяць на парах, а не спяваюць. Тады студэнты адышлі бліжэй да прыпынку, у выніку сталі разыходзіцца, бо вырашылі, што іх занадта мала для акцыі. Аднак дваіх з іх затрымалі міліцыянты. Студэнты ўпэўненыя, што міліцыю выклікаў нехта з адміністрацыі ўніверсітэта.

Днямі стала вядома, што студэнтаў з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй выклікаюць на дысцыплінарную камісію і пагражаюць выключэннем.