У Гародні затрымалі Сяргея Ціханоўскага



У канцы сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім у Гародні, калі значная частка людзей ужо разышлася, была здзейснена правакацыя супраць прыехаўшага блогера. Нейкая жанчына стала хапаць Ціханоўскага за вопратку, пасля чаго з’явілася міліцыя і АМАП. Затрымалі Ціханоўскага, яго аператара і яшчэ некалькі чалавек. Паводле адных звестак Ціханоўскага павезлі ў РАУС на вуліцы Дубко, паводле іншых у абласное ўпраўленне міліцыі па вуліцы Акадэмічнай.

Пры затрыманні прыехала некалькі бусаў, дзе сядзелі людзі ў цывільным. Што цікава, што некалькі бусаў былі з менскімі нумарамі. Колькі было затрымана людзей, пакуль невядома. Акрамя Ціханоўскага затрымалі таксама Зміцера Фурманава.

Група прыхільнікаў Ціханоўскага, некалькі дзясяткаў чалавек, на чале з Мікалаем Салянікам скіравалася на вуліцу Акадэмічную-3 да абласнога ўпраўлення мілцыі. Там да іх выйшаў дзяжурны і адзін з міліцэйскіх абласных начальнікаў з крымінальнага аддзелу.

Каля Упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкаму адбываецца стыхійны пратэст. Да пратэстоўцаў выйшаў падпалкоўнік, прадстаўнік крымінальнай міліцыі Аляксандр Шаптайла, які сказаў, што дасць інфармацыю пра затрыманне Ціханоўскага праз паўгадзіны і сказаў, каб людзі не заклікалі да незаконных дзеянняў. Мікалай Салянік павёў людзей у парк, каб там пачакаць паўгадзіны.

Людзі зараз знаходзяцца ў парку Жылібера. Салянік пайшоў у будынак абласнога УУС высветліць інфармацыю.

Вярнуўшыся, Салянік паведаміў, што затрыманы 10 чалавек, якіх развезлі па розных РАУСах Гародні. Людзі пакуль застаюцца ў парку Жылібера паблізу летняга амфітэатру.

Каля 22.00 амаль усе людзі з Парку Жылібера разышліся.

Беларускае Радыё Рацыя