Анджэй Пісальнік і Інэса Тодрык-Пісальнік — на волі (абноўлена)
Затрыманыя ўдзень журналісты Анджэй Пісальнік і Інэса Тодрык-Пісальнік — на волі, паведамляе t.me/bajby.
Іх дапыталі ў Менску і вярнулі назад у Гародню.
* * *
Раней пракуратура Гародні вынесла Анджэю Пісальніку афіцыйнае папярэджанне.
14 красавіка ў кватэры гарадзенскіх журналістаў Інэсы Тодрык-Пісальнік і Анджэя Пісальніка прайшоў агляд кватэры. Пасля гэтага іх перавезлі з Гародні ў Менск, паведамляе БАЖ.
Пракуратура Гародні вынесла прэс-сакратару Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анджэю Пісальніку афіцыйнае папярэджаньне пра парушэньне закону ў сувязі з яго выказваннямі пра вядзенне ў Беларусі дзяржпрапаганды супраць Польшчы.
Як паведамляецца на сайце Генеральнай пракуратуры, у пачатку красавіка ў эфіры польскіх радыёстанцый Radio 24 і Radio 4 Анджэй Пісальнік выказаў „шэраг меркаванняў, мэта якіх — узбудзіць у насельніцтва нацыянальную варожасць на моўнай глебе, сфармаваць непрыязнасць і недавер да прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь, распаўсюдзіць ілжывую інфармацыю пра іх дзейнасць”.
Удакладняецца, што Пісальнік заявіў пра пачатую ў СМІ Беларусі шырокамаштабную прапаганду супраць Польшчы. „І робіцца гэта для таго, каб „стварыць вобраз палякаў як людзей другой катэгорыі”. Маўляў, прапаганда хоча ачарніць палякаў у вачах грамадства і зрабіць іх ворагамі народа, „як было ў сталінскія часы”, — гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.
Пракуратура Гародні сцвярджае, што, паводле слоў актывіста, „збор праваахоўнымі органамі звестак пра вучняў, якія праходзяць навучанне ў грамадскіх школах, — гэта форма застрашвання настаўнікаў і вучняў, а таксама намер уладаў да дыскрэдытацыі і далейшай адмовы насельніцтва Беларусі ад навучання польскай мове, гісторыі і польскасці ў цэлым”.
У пракуратуры заяўляюць, што гэтыя выказванні ў сродках масавай інфармацыі „заведама беспадстаўныя і відавочна накіраваныя на распальванне міжнацыянальнай варожасці”.
„Паколькі змест публічных выступленняў Анджэя Пісальніка супярэчыць патрабаванням заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб нацыянальных меншасцях і аб супрацьдзеянні экстрэмізму, пракурор Гародні абвясціў яму афіцыйнае папярэджанне пра недапушчальнасць паўторнага парушэння закона”, — адзначаецца ў паведамленні.
Як паведамлялася, 12 сакавіка была затрыманая дырэктар польскай грамадскай школы ў Берасці Ганна Панішава. Яна знаходзіцца пад вартай у межах справы пра распальванне міжнацыянальнай варожасці (арт. 130 КК).
Кіраўніка неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анжаліку Борыс затрымалі 23 сакавіка ў Гародні і арыштавалі на 15 дзён за арганізацыю 7 сакавіка традыцыйнага свята рамёстваў „Гарадзенскія Казюкі — 2021”. Пасля арышту СПБ заявіў, што „пераслед Анжалікі Борыс за рэалізацыю статутных задач СПБ, а менавіта захаванне польскіх традыцый і культуры сярод польскай меншасці”, з’яўляецца „актам запалохвання ўсёй польскай меншасці ў Беларусі”.
25 сакавіка Генпракуратура Беларусі паведаміла, што распачала ў дачыненні да Борыс і „іншых асоб” справу на падставе ч. 3 арт. 130 КК. У ведамстве сцвярджалі, што „грамадзяне, пазіцыянуючы сябе членамі вышэйназванага саюза”, з 2018 года правялі ў Гародні і Гарадзенскай вобласці „шэраг незаконных масавых мерапрыемстваў па ўшанаванні ўдзельнікаў антысавецкіх бандфармаванняў, якія дзейнічалі падчас і пасля Вялікай Айчыннай вайны, здзяйснялі рабаванні, забойствы мірнага насельніцтва Беларусі, знішчэнне маёмасці”. „Іх дзеянні мелі на мэце рэабілітацыю нацызму, апраўданне генацыду беларускага народа”, — гаварылася ў паведамленні пракуратуры.
Той жа раніцай у кватэры члена праўлення СПБ журналіста Анджэя Пачобута прайшоў вобшук. Была канфіскаваная камп’ютарная тэхніка, тэлефоны, узнагароды з конкурсаў, польскамоўная літаратура і дакументы. Пачобут змешчаны ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску.
Тады ж прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда пачаў перамовы па лініі ААН, АБСЕ і Рада Еўропы ў сувязі з сітуацыяй вакол польскай меншасці ў Беларусі. Акрамя таго, ён накіраваў ліст прэзідэнту ЗША Джо Байдэну, у якім прасіў падняць гэтае пытанне на адным з найбліжэйшых пасяджэнняў Савета бяспекі ААН (у сакавіку Злучаныя Штаты Амерыкі старшынявалі ў гэтым органе).
30 сакавіка ўлады польскага Беластока заявілі пра прыпыненне супрацоўніцтва з афіцыйнымі ўладамі Гародні з-за затрыманняў кіраўніцтва СПБ.
У гэты ж дзень сейм Польшчы ў рэзалюцыі асудзіў „жорсткую кампанію рэпрэсій, развязаную беларускімі ўладамі супраць грамадзян Беларусі польскай нацыянальнасці, якія жадаюць весці культурную і адукацыйную дзейнасць і працягваць нацыянальныя традыцыі”.