У Гародні ў час акцыі былі затрыманы актывісты АГП



Міколу Саляніка спачатку выпусцілі з РАУСу, потым зноў затрымалі. Урэшце міліцыя яго завезла ў шпіталь. Аляксандр Лаўрэнцьеў па ўсёй верагоднасці знаходзіцца зараз у ІЧУ. Вельмі імаверна, што 8 лістапада ў дачыненні абодвух актывістаў пройдуць адміністрацыйныя працэсы.

***

Мікола Салянік і Аляксандр Лаўрэнцьеў яшчэ ў РАУСе. Актывісты АГП былі затрыманыя ў Гародні падчас акцыі. Каля РАУСа дзяжураць грамадскія актывісты і праваабаронцы. Кажа праваабаронца Віктар Сазонаў:

– Сюды мяне, Хільмановіча і Грыгенчу выклікалі для дачы сваіх пісьмовых тлумачэнняў па Свіслачы. І сюды ж прывезлі Мікалая Саляніка і Аляксандра Лаўрэнцьева. Міліцыя прывалакла іх сюды, дзе Саляніку стала кепска. Ён запатрабаваў, каб яму выклікалі хуткую. Як вядома, ён хворы на сэрца, мае 2 групу. Ежы Грыгенча вельмі патрабаваў у міліцыі, каб яны пад запіс сказалі, выклікалі яны хуткую ці не. Урэшце хуткая прыехала, медыкі займаліся Салянікам, давалі яму нейкія лекі.

Машына хуткай дапамогі ад’ехала праз 15 хвілін, але актывістаў пакуль трымаюць у РАУСе, дзе па беларускім заканадаўстве іх маюць права пратрымаць тры гадзіны.

* * *

На плошчы Леніна ў Гародні адбылася імправізаваная акцыя, падчас якой два грамадскія актывісты Мікола Салянік і Аляксандр Лаўрэнцьеў сталі з плакатам, на якім было напісана” Далоў самадзяржаўе!”

Кажа Мікола Салянік:

– Асноўны лозунг Кастрычніка быў – “Далоў самадзяржаўе!” Сэнс гэтага слова, я  спадзяюся, вы разумееце. У нас зараз новае самадзяржаўе.

Пасля правядзення імправізаванага пікету актывісты АГП ішлі з плакатам па вуліцы Ажэшкі і Савецкай, і каля адміністрацыі Ленінскага раёна былі гвалтоўна затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі. 

Саляніку былі заламаныя рукі, адзетыя кайданкі. Затрыманнем кіраваў супрацоўнік міліцыі Аляксей Вайцешка, які адмыслова прыехаў па званку міліцыянтаў.

Зараз актывісты АГП знаходзяцца ў Ленінскім РАУСе. 

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня