Сяргей Верамеенка: Затрымалі і склалі паперку, якая нічога не вартая (абноўлена)
Гарадзенскага актывіста Сяргея Верамеенку затрымалі на Кірава 3 у Гародні, дзе знаходзіцца яго крама «Адметнасць». Затрымліваць яго прыехала ажно 5 чалавек.
– Удзень мяне затрымалі асобы, адзін быў у міліцэйскай форме – старэйшы лейтэнант Дмухоўскі, прадставіўся як участковы, і яшчэ былі чатыры асобы ў балаклавах. Абсалютна не ў форме, яны былі апранутыя тэарэтычна падобныя на міліцыянтаў. Яны так і прадставіліся, што гэта быў АМАП, але яны не паказалі сваіх пасведчанняў. Пры гэтым былі ўзброеныя. Адзін сказаў, што ведае мяне асабіста, хоць я яго не ведаю і першы раз бачу.
Пасля Сяргея адвезлі на Гая ў Кастрычніцкі РАУС Гародні і ўручылі позву:
– Мне далі вось такі пратакол, што нібыта я, згодна артыкула 23.34 КаАП, знаходзіўся на масавым мерапрыемстве каля тытунёвай фабрыкі ўчора. Пратакол падпісаны лейтэнантам Федарэнка, сведкаў – няма. Вось такая паперка, якая насамрэч нічога не вартая.
Па словах Сяргея Верамеенкі, суд над ім можа адбыцца ў любы момант, цягам бліжэйшага месяца.
***
Грамадскі актывіст, сябра БХД Сяргей Верамеенка гвалтоўна затрыманы ў Гародні. Сведкам затрымання стаў яго сябра, атывіст АГП Ежы Грыгенча:
– Прыехаў участковы, сказаў, што складзены пратакол за тытунёвую фабрыку па арт. 23.34. З ім было пяць АМАПаўцаў. Участковы назваў сябе, АМАПаўцы – не. Яны былі з баявой зброяй. Сказалі, што павязуць на Гая.
На вуліцы Гая знаходзіцца Кастрычніцкі РАУС Гародні, а таксама Ізалятар часовага ўтрымання. Што далей будзе з Сяргеем – невядома.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча