У Гародні затрыманы вядомы наркадылер



Супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі жыхара горада Аляксея Кулічова, які падазраецца ў распаўсюдзе наркотыкаў. Наркадылер вядомы тым, што вялікая частка яго кліентаў былі непоўнагадовымі маладымі людзьмі, многія з якіх трапілі за краты, у той час, як сам Кулічоў доўгі час заставаўся  недасягальным для праваахоўнікаў.

На думку намесніка старшыні ініцыятыўнай групы па стварэнні сацыяльна-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” Марыны Капыцінай, затрыманне аднаго з самых вядомых наркадылераў Гародні павінна мець адпаведны плён:

– Спадзяюся, што цяпер ён не зможа пазбегнуць пакарання, як гэта было раней, і ўцягваць ў гэтую справу падлеткаў.

Зараз у дачыненні да затрыманага за распаўсюд наркотыкаў Аляксея Кулічова праводзяцца следчыя дзеянні. Сам падазвараны знаходзіцца ў следчым ізалятары гарадзенскай турмы. Паводле беларускага заканадаўства, яму пагражае да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота БелТА