У Гародні зацвердзілі шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц



Такую пастанову прыняла тапанімічная камісія Гарадзенскага гарвыканкама, паведамляе «Радыё Свабода». Спіс гістарычных назваў вуліц складаў гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч. З ягоных слоў, увесь спіс складаўся з 43 вуліц, але камісія наважылася на першым этапе ўсталяваць шыльды толькі на 16.

«Ніякіх заўваг маёй працы для складання спісу назваў вуліц з боку чальцоў камісіі не было, праўда, папрасілі не ўносіць у спіс назвы перыяду Другой сусветнай вайны, калі вуліцы атрымалі нямецкія назвы. Іх на шыльдах не будзе», – сказаў Андрэй Вашкевіч.Далей над праектам для ўстаноўкі новых таблічак з назвамі вуліц будуць працаваць дызайнеры. Плануецца, што новыя шыльды з’явяцца на 16 гарадзенскіх вуліцах у пачатку вясны.

З прапановай усталяваць назвы (гэта значыць дапісаць на шыльдзе назвы вуліц, якія былі раней, а не змяняць цяперашнія) у Гарадзенскі гарвыканкам звярнулася рэдакцыя мясцовага сайту hrodna.life. Праз інтэрнэт, са слоў рэдактара Аляксея Шоты, яны сабралі блізу тысячы подпісаў і накіравалі іх гарадзенскім уладам. Улады ініцыятыву падтрымалі.

Фота grodno24.com