У Гародні збіралі подпісы супраць „дзедаўшчыны”
Акцыю па збору подпісаў грамадзянаў супраць нестатутных аносінаў у войску правялі ў Гародні сябры правацэнтрысцкай кааліцыі. Падтрымалі іх лідары Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Руху „За Свабоду”.
Як людзі ацэньваюць і як рэагуюць на трагічныя выпадкі, звязаныя з так званай „дзедаўшчынай”, – кажа Юры Губарэвіч, старшыня руху „За Свабоду”.
– Усе, з кім мы размаўлялі, абазнаныя ў гэтай праблеме. У першую чаргу праяўлялі актыўнасць жанчыны, яны казалі, што іхнія дзеці альбо ўжо служылі, альбо яшчэ могуць патрапіць у беларускае войска. Яны абсалютна не жадаюць такога лёсу, як для тых юнакоў, якія вярнуліся дадому ў трунах. Яны разумеюць, што гэтую сітуацыю трэба мяняць, “дзедаўшчыну” неабходна спыніць. І ў гэтым пытанні яны мала спадзяюцца на дзяржавы, бо бачуць, што адбываецца замоўчванне.
Людзі, з кім размаўлялі актывісты па зборы подпісаў, казалі, што толькі грамадскі рэзананс здольны змяніць ганебную практыку нестатутных адносінаў у войску.
На працягу дня подпісы правацэнтрыскай кааліцыі збіралі і ў Іўе. Пра вынікі збору подпісаў там падзяліўся Анатоль Лябедзка, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
– Даволі ахвотна ставяць подпісы. Не горш, чым у Менску. Для мяне гэта было такім невялічкім здзіўленнем, прычым людзі, як з вёскі, так і тыя, якія жывуць у раённым гарадку. Гэта добра. Зараз трэба гэтую тэму будзіць, бо і так ўжо дастаткова гэтых трагедыяў. Маці згубілі сваіх сыноў. Я думаю, што зараз толькі нейкая магутная хваля грамадскай неабыякавасці можа мінімізаваць тое, што зараз адбываецца ў казармах.
На Чыгуначным вакзале Гародні, дзе актывісты збіралі подпісы, сустракаліся розныя меркаванні, але крытычна пра адмену „дзедаўшчыны” выказваліся чамусьці некаторыя мужчыны старэйшага веку.
„Ужо сабрана некалькі тысячаў подпісаў, бо збор подпісаў ажыццяўляецца па ўсёй краіне,” – заўважыў Юры Губарэвіч.
[Not a valid template]
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара