У Гародні сустрэліся журналісты з некалькіх рэгіёнаў Беларусі
У „Цэнтры гарадскога жыцця” ў Гародні адбылася сустрэча прадстаўнікоў філій Беларускай асацыяцыі журналістаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Маладыя журналісты абмеркавалі планы супрацы, а таксама падзяліліся тэмамі, якія магчыма асвятляць журналісту ў розных рэгіёнах Беларусі.
Пра сустрэчу распавядае адзін з яе арганізатараў – журналіст са Слуцку Антон Сурапін:
– У першую чаргу такія сустрэчы патрэбныя для таго, каб падвысіць прафесійны досьвед журналістаў з рэгіёнаў. Сюды прыехалі людзі са Слоніма, з Баранавічаў, са Слуцку, гарадзенцы падыйшлі. І гэты абмен досьведам на такім нізавым роўні, я лічу, вельмі важны, бо звычайна на семінары ездзяць некалькі чалавек. А тут мы можам сабраць хоць усе філіі, можам 20-30 чалавек запрасіць.
Гарадзенская журналістка Ірына Новік лічыць, што падобныя сустрэчы вельмі патрэбныя для абмену досьведам:
– Цікава даведацца, што робяць калегі. Бо мы жывём у невялікіх гарадах. Для нас не падыходзяць сталічныя фарматы. І вельмі карысна падзяліцца досьведам. Нешта запазычым адзін у аднаго, падзелімся думкамі. Кожны ўзбагаціць сваё выданне.
Гарадзенскае спатканне журналістаў стала другім рэгіянальным спатканнем пасля Баранавічаў. Арганізатары спадзяюцца, што падобныя сустрэчы журналістаў пройдуць і ў іншых гарадах Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня