У Гародні збіраюць грошы на чацвёртую машыну для Украіны



У Гародні пачаўся збор сродкаў на чацвёртую машыну для ўкраінскіх медыкаў, якія працуюць у зоне антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе Украіны. Ініцыятарам па Беларусі кампаніі “Беларусь-АТО” з’яўляецца Андрэй Стрыжак.

У Гародні зборам грошай займаецца Дзяніс Івашын:

– Збіраем грошы. Прымаем іх ад усіх гарадзенцаў. Я збіраю сродкі па Гародні. Андрэй Стрыжак – у Гомелі. Таксама ёсць людзі, якія займаюцца гэтым у Менску. Звяртаемся, у прынцыпе, да ўсіх тых, якія раней нам дапамагалі. Гэта перадусім грамадскія актывісты, палітыкі, звычайныя людзі.

Паводле Дзяніса Івашына, трэцяя машына для ўкраінскіх медыкаў, набытая за грошы беларускіх валанцёраў, днямі дастаўлена ў Арцёмаўск, дзе базуецца Першы добраахвотніцкі мабільны шпіталь імя Міколы Пірагова. Апроч грашовай дапамогі, у Гародні таксама збіраюць рэчы ўкраінскім бежанцам. У гэтай справе дапамагае гарадзенскі валанцёр Алесь Кіркевіч.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня