У Гародні збіраюць зімовыя рэчы для ўкраінцаў
Гарадзенскія валанцёры з ініцыятывы „Гуманітарны маршрут „Беларусь-АТО” сабралі вялікую колькасць рэчаў для бежанцаў з Данбаса, якія зараз жывуць на Чарнігаўшчыне. Валанцёры збіраюць рэчы ў Менску, Берасці і Гомелі. Пра тое, што зараз патрэбна да зімы бежанцам, распавядае гарадзенскі валанцёр Алесь Кіркевіч:
– На дадзены момант патрэбны перадусім рэчы, якія можна насіць у халодны перыяд. Гэта курткі, цёплыя шкарпэткі, шалікі, шапкі. У прынцыпе, усё, што вы носіце, можна перадаваць тым людзям, якія воляй лёсу сталі бежанцамі з Данбаса і зараз пражываюць у розных рэгіёнах Украіны.
Па словах Алеся Кіркевіча, асноўная праблема, якая стаіць для гарадзенскіх валанцёраў, – гэта не збор рэчаў, а іх дастаўка з Гародні ва Украіну.
Апроч рэчаў, гарадзенскія валанцёры збіраюць грошы на новы аўтамабіль для Першага добраахвотніцкага шпіталя імя Пірагова. Гэтым займаецца валанцёр Дзяніс Івашын.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота facebook.com