У Гародні згадалі Катынскія трагедыі
У Гародні прайшлі памінальныя мерапрыемствы з нагоды восьмай гадавіны катастрофы пад Смаленскам урадавага польскага самалёта.
Сябры Саюзу палякаў у Беларусі, прадстаўнікі генеральнага консульства Польшчы ў Гародні на чале з Яраславам Ксёнжэкам усклалі кветкі і запалілі знічы на вайсковых могілках пад Катынскім крыжам.
Старшыня Саюзу палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс кажа, што ўспамін мае дзве нагоды:
– 78 гадоў таму былі ў брутальны спосаб замардаваныя ў Катынскім лесе пад Смаленскам польскія вайскоўцы. І таксама мы згадалі ахвяры, якія адбыліся восемь гадоў таму, калі разбіўся ўрадавы самалёт з дэлегацыяй на борце з 96-ці чалавек, у тым ліку з прэзідэнцкай парай. Прыйшлі памаліцца. Думаю, для кожнага паляка гэта дата трагічная.
Напярэдадні вялікая група прадстаўнікоў гэтага непрызнанага беларускімі ўладамі грамадскага аб’яднання ажыццявіла паездку ў Катынь Смаленскай вобласці, дзе прыбралі месцы пахаванняў, усклалі вянкі і правялі памінальнае набажэнства.
Згадвае пра паездку віцэ-старшыня Саюзу палякаў у Беларусі Марэк Занеўскі:
– Дэлегацыя ў складзе 90 чалавек Саюза палякаў у Беларусі была ў Катыні. Мы паехалі туды з мэтай адзначыць гадавіну трагедыі, якая адбылася ў Катыні – гэта смерць польскай інтэлігенцыі, польскіх афіцэраў, якія былі расстраляныя ў Катынскім лесе праз НКВД. А таксама адведалі месца, дзе загінуў прэзідэнт Лех Качынскі з дэлегацыяй, якія ляцелі ў 2010 годзе на гадавіну менавітага гэтага расстрэлу польскіх вайскоўцаў.
У Пабернардынскім храме Гародні на завяршэнне дня прайшла памінальная імша па загінулых у Катыні жаўнераў Другой Рэчы Паспалітай і ахвяраў авіякатастрофы польскіх урадоўцаў.
[Not a valid template]
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара