У Гародні жанчыну асудзілі на паўтары гады за абразу супрацоўніцы АМАП
1,5 гады без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу прысудзілі маці двух дзяцей Настассі Каламейчанцы. Вырак агучыла суддзя Кастрычніцкага райсуду Маргарыта Ланцэвіч.
Фота: Ірына Новік
Яе абвінавацілі ў знявазе прадстаўніка ўлады рэпостам у Instagram. Гэтым „прадстаўніком улады” аказалася АМАПаўка, якая праславілася 9-га жніўня ў СМІ. Менавіта яна збіла жанчыну-фармацэўта, якая значана старэйшая за яе. Сваю віну абвінавачаная не прызнала і мае намер абскардзіць рашэнне суддзі.
Кажа праваабаронец з Беларускага Хельсінкскага камітэту Раман Юргель:
– Довады дзяржабвінаваўцы былі такія, што ўсё ж такі гэта зроблена з iPhone абвінавачанай. Адвакат паказвала новы тэлефон, бо той канфіскаваны. Трэцяя асоба валодае яе асабістым акаўнтам, уваход быў у гэты акаўнт, калі жанчына знаходзілася ў ІЧУ.
У Настассі Каламейчанкі канфіскавалі iPhone, менавіта той, з якога па недаведзенай судом версіі, абвінавачаная зрабіла рэпост і неаднойчы заходзіла ў акаўнт у Instagram.
Беларускае Радыё Рацыя