У Гародні жанчыну асудзілі за прапаганду фашызму



У Гародні асудзілі жанчыну, якая размясціла на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы відэаролікі са сцэнамі гвалту і здзекаў у дачыненні да асобаў каўказскай нацыянальнасці, а таксама прапагандай ідэй фашызму, піша выданне „Перспектыва”.

Як распавёў намеснік гарадскога пракурора Дзмітрый Антановіч, па відэароліках была праведзена псіхолага-лінгвістычная экспертыза. Вызначана, што яны ўтрымліваюць прыкметы ўзбуджэння расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці, прапаганды гвалтоўных дзеянняў у адносiнах да асобаў неславянскіх нацыянальнасцяў.

Гэта паслужыла падставай для правядзення праверкі, а ў далейшым і ўзбуджэння крымінальнай справы грамадзянка доўгі час захаплялася ідэямі нэафашызму, пра што, не хаваючы, паведамляла ў сацыяльнай сетцы. Падчас папярэдняга расследавання і судовага следства яна сваю віну прызнала ў поўным аб’ёме і чыстасардэчна раскаялася.

Яна патлумачыла, што перагледзела свае жыццёвыя погляды, у дадзены момант займаецца выхаваннем малагадовага дзіцяці і асуджае ідэі фашызму. Суд Ленінскага раёна Гародні прызнаў жанчыну вінаватай. Ёй прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 3 гады 6 месяцаў. Прысуд уступіў у законную сілу.