У Гародні знойдзены прадметы часоў вайны і парэшткі людзей



11 лютага ў Гародні пры правядзенні земляных работ на будаўніцтве гандлёва-забаўляльнага аб’екта былі знойдзены фрагменты костак і чэрапаў, а таксама рэчы, як мяркуецца, часоў Другой сусветнай вайны.

Паводле інфармацыі УУС Гарадзенскага аблвыканкама, знойдзены фрагменты двух ствалоў, процівагаза, каскі, лыжкі, кацялка і 133 патроны неўстаноўленага калібру.

Як паведамілі БелаПАН у абласной міліцыі, знаходка „ў такім фармаце” — адзіная як мінімум за апошнія пяць гадоў. Інфармацыя перададзена ў ваенны камісарыят і адпаведныя службы. Праводзіцца праверка.

Паводле інфармацыі мясцовага інтэрнэт-рэсурсу hrodna.life, астанкі, як мяркуецца, трох салдат выяўленыя падчас работ па ўстаноўцы шумаахоўнага экрана на тэрыторыі будоўлі гандлёва-забаўляльнага комплексу Triniti. Усе работы былі прыпыненыя, на месца знаходкі прыбылі кіраўнікі будаўніцтва. „Астанкі, а таксама вайсковую амуніцыю выявілі нашы будаўнікі, калі капалі шурфы для ўстаноўкі шумаахоўных экранаў. Коўш экскаватара разам з зямлёй дастаў усё гэта наверх, — цытуе рэсурс маркетолага ТРК Triniti Сяргея Іванова. — Здзіўленне, вядома, было неверагоднае — такія знаходкі не кожны дзень адбываюцца. Мы паставіліся з усёй увагай і паведамілі зацікаўленым службам. Адміністрацыя Triniti аказвае ўсю неабходную дапамогу ў правядзенні пошукаў”.

Пра інцыдэнт праінфармаваныя міліцыя, Следчы камітэт і Дзяржкамітэт судовых экспертыз (ДКСЭ). Супрацоўнікі ДКСЭ выявілі ў зямлі адзін з салдацкіх медальёнаў, якія байцы насілі пры сабе.

На час археалагічных экспертыз будаўнічыя работы на ўчастку прыпыненыя.