У Гародні знойдзены вялікі габрэйскі скарб часоў Другой сусветнай



У Гародні на месцы былога гета падчас будаўнічых прац у доме № 3 па вуліцы 2-й Працоўнай рабочыя знайшлі на паддашшы схаваную скрыначку ад тытуню. У ёй — упрыгожанні, манеты, у тым ліку старадаўнія, каронкі ды некалькі кавалкаў паперы – больш за 400 грамаў золата.

Пра знойдзены скарб распавядае навуковы супрацоўнік Гарадзенскага гісторыка-археалагічнага музея Ян Лялевіч:

– Каштоўнасць знаходкі заключаецца ў тым, што яна падобная да скарбу, які быў знойдзены па вуліцы Антонава два гады таму. Ён з’яўляецца напамінам пра трагічную гісторыю габрэйскага насельніцтва ва Усходняй Еўропе, калі людзі ў гэтае ліхалецце мелі надзею зберагчыся і вярнуцца па гэты дэпазіт.

На думку Яна Лялевіча, гэты скарб з’яўляецца ўнікальным:

– Толькі другі з вядомых, тых, што будуць, спадзяюся, утрымлівацца ў нашым музеі. Канешне, я думаю, што па ўсіх гэтых дахах і раней рабочыя маглі знаходзіць падобныя закладухі. Але хто ж прызнаўся, у адрозненні ад гэтага хлопца, які знайшоў гэтую скрыначку ад міжваеннага польскага тытуню, закладзеную цалкам золатам. Ацэначны кошт не меньш за 15 тысяч даляраў.

Па словах Яна Лялевіча, папярэдне вядома, што скарб будзе прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю і будзе вельмі вялікім плюсам для горада, калі патрапіць у музей і будзе прадстаўлены ў выглядзе экспазіцыі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота hrodna.life