У Гародні зноў аштрафавалі за рэпост



Ажно па двух артыкулах адміністрацыйнага кодэксу пакаралі штрафамі гарадзенца Аляксандра Горбача.

За перапост у сацыяльных сетках матэрыялаў, якія ўключаны з гэтага года ў спіс забароненых, суддзя гарадзенскага Кастрычніцкага раённага суда Валеры Шпак вынес у суме штраф у памеры 30 базавых адзінак, што складае 735 рублёў. З абвінавачаннямі паводле артыкулаў 17.10 і 17.11 частка 2 Аляксандр Горбач не згодны.

Датычна нацысцкай сімволікі, як я ўжо заявіў у судзе, размешчаныя мной матэрыялы маюць цалкам супрацьлеглы, антыфашысцкі сэнс. Суддзя азнаёміўся і з візуальнай часткай, і апісальнай. Усе матэрыялы былі размешчаны мной з 2013-га па 2016-ты.

Пастанова пра спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў з’явіўся толькі ў 2018 годзе. На думку праваабаронцаў, штрафныя санкцыі не вытрымліваюць крытыкі па сваёй абсурдальнасці. Праваабаронцы таксама лічаць падобныя працэсы палітычна матываванымі, якія абмяжоўваюць грамадзянскія і палітычныя правы людзей у Беларусі. Кажа праваабаронца Уладзімір Хільмановіч:

Калі рашэнні судоў па блакаванні пэўных рэсурсаў уступаюць у сілу, адпаведныя дзяржаўныя службы павінны іх заблакаваць. Таму ўсё гэта мае характар палітычнага пераследу проста за распаўсюд інфармацыі, на што кожны чалавек мае права паводле Канстытуцыі. Калі ж гаварыць пра справу Аляксандра Горбача, то асабліва прыцягненне часткі 17.10 выглядае абсурдна, бо ён па сваёй сутнасці антыфашыст і ўсё жыццё змагаецца супраць распаўсюду нейкіх фашысцкіх ідэяў, а тут яго судзяць нібыта за распаўсюд свастыкі.

Аляксандр Горбач мае намер абскарджваць вынесенае рашэнне суддзём Валерыем Шпаком. Гэта ўжо трэці адміністрацыйны працэс за апошні месяц у Кастрычніцкім судзе, які цягне вялікія штрафы на гарадзенцаў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара