У Гародні зноў не прайшла касацыйная скарга



У Гарадзенскім абласным судзе адбыўся першы разгляд касацыйнай скаргі пакараных за акцыю 15 снежня 2019 года.

Гэтым разам скаргу актывіста АГП Ежы Грыгенчы разглядаў суддзя Уладзімір Янкоўскі. Разгляд скаргі доўжыўся з перапынкамі каля 20 хвілін, але сама скарга не была задаволена:

– Мы на гэта і разлічвалі, што ўсё роўна пакінуць без зменаў, бо судам пытанні задаваць нельга, суддзям таксама. Зачытваюць тое, што ў іх там напісана, яны глядзяць, што сказала міліцыя. Яны не могуць адмяніць. Яны не разумеюць, што мы выступалі за незалежнасць. 

На думку праваабаронца Уладзіміра Хільмановіча, абласныя суды нічога не вырашаюць:

– Разгляды касацыйных скаргаў ператвараюцца ў фармальнасць, бо па сутнасці гэта толькі працэдура. Калі казаць юрыдычна, то гэта ніякі не разгляд, бо ніякія аргументы юрыдычна не бяруцца суддзёй пад увагу. Усё па звыкламу сцэнару, прыходзіць суддзя, задае два пытанні, потым выдаляецца, выходзіць „совещаться” і ўрэшце абвяшчае, што скарга не задаволена.

За акцыю 15 снежня 2019 пакараныя штрафамі ў судах Гародні 5 грамадскіх актывістаў на суму больш за 3 тысячы рублёў. Разгляд касацыйных скаргаў у абласным судзе Гародні адбудзецца па наступным раскладзе: Уладзіміра Арцымана – 16-га студзеня, Сяргея Верамеенкі – 23-га студзеня ў 14:30. Мікалая Саляніка запрасілі на разгляд яго скаргі 21-га студзеня.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча