У Гародні зноў праблемы з навучаннем на мове



Навучанне па-беларуску ў школе №34 Гародні, для будучых першакласнікаў, зноў пад пытаннем. Паводле папярэдніх дадзеных за чэрвень, пакуль не было адпаведных заявак ад бацькоў. У гэтай школе беларускамоўнае навучанне вядзецца ўжо пяць гадоў. У той жа час у яшчэ адной базавай школе – №32, першы беларускі клас напэўна будзе.

Кажа старшыня абласной рады „Таварыства беларускай мовы” Алесь Крой:

– На жаль у школе №34, па звестках адміністрацыі, сітуацыя значна горшая – за першыя тры тыдні чэрвеня месяца пакуль не пададзена ніводнай заявы. Яны спадзяюцца на тое, што ў апошні месяц жнівень бацькі ўсё ж такі з тых школ, куды яны збіраліся напачатку падаваць заявы, перадумаюць, ці не атрымаецца ў іх у гімназіі, ці ў якія іншыя навучальныя ўстановы паступіць, і яны ўсё ж такі вернуцца менавіта ў школу №34.  

Паколькі школы знаходзяцца не ў цэнтры Гародні, важны чыннік для навучання – гэта лагістычная праблема. Для навучання ў сярэдняй школе №32 такой праблемы няма.

Як мяркуе Алесь Крой, новы аўтобусны маршрут №30 зручна звязвае новы раён Гародні  „Альшанку” – з „Дзевятоўкай”, дзе і знаходзіцца школа.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня