У Гародні з’явіліся вуліцы ў гонар славутых беларусаў



Уступіла ў сілу рашэнне Гарадзенскага гарадскога Савету дэпутатаў па новых назвах вуліц Гародні. Паказальна, што з’явіліся вуліцы у гонар Апанаса Цыхуна ды Аляксея Карпюка. У Нацыянальным праўным партале паведамлена, што новыя назвы атрымалі дзевяць вуліц і завулкаў, а таксама тры вуліцы перайменавалі.

Каментуе прафесар Вячаслаў Швед, ён доўгі час быў сябрам тапанімічнай камісіі гарадскога выканаўчага камітэту:

– Вельмі добра, што новыя вуліцы, якія ўзнікаюць у нашым горадзе, будуць названыя імёнамі нашых беларускіх літаратараў, але з іншага боку, падумаў, што нейкая прыходзіць засілле, аднабаковасць у назве вуліц, і трэба больш звяртаць увагу на знакамітых гарадзенцаў, на гістарычныя падзеі і імёны, звязаныя з гісторыяй горада.

Вуліца імя Васіля Быкава, пра якую даўно кажуць гарадзенцы, так і не з’явілася. Спадзяванні застаюцца, што дом па вуліцы Свярдлова, дзе жыў пісьменнік, усё ж атрымае яго назву. Таксама, на думку прафесара Шведа, варта звярнуць увагу на правільнасць напісання беларускіх назваў. Так, новая вуліца Ларысы Ляшэнкі, у рашэнні гарсавета напісана, як “Ляшэнка”.

Затое вуліцу Паўліка Марозава перайменавалі ў вуліцу Каліноўскага.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя