У Гародні з’явіцца другая пешаходная вуліца?



Гарадзенская вуліца Замкавая па генплане ў бліжэйшы час мусіць стаць пешаходнай. Гэта стала вядома падчас грамадскага абмеркавання зменаў у цэнтры Гародні.

Што думаюць пра такія змены жыхары горада, мы даведаліся падчас невялікага апытання:

Жывём мы на вуліцы Карла Маркса. Нават 20 гадоў таму казалі, што і Карла Маркса, і Кірава павінны таксама быць пешаходнымі. І нават калі такі пачатак будзе, то супер, на мой погляд.

– Добрая традыцыя рабіць у такіх гістарычных гарадах, як Гародня, пешаходныя вуліцы. Тым больш ужо праверана, што па Замкавай ходзіць шмат турыстаў, да Новага замка з цэнтра, ад Фарнага касцёла, і там шмат розных кавярняў. Таму вельмі лагічна, чаму менавіта там. Часам там цяжка раз’ехацца транспарту. Таму ідэя добрая, нават вельмі цікавая.

– Пешаходная Замкавая – гэта вельмі добра. Але хацелася б, каб было, як у Вільні, калі стары горад увесь пешаходны.

На думку гарадзенцаў, было б лепей, каб паступова ўвесь цэнтр Гародні стаў пешаходным ці хаця б зачыненым ад аўтамабіляў на выходныя, як гэта адбываецца ў большасці гарадоў Еўропы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота: Grodno.in