У Гародні з’явіцца “Лінія Карбышава”



На гарадзенскім Кургане Славы паўстане вайсковае ўмацаванне пад назвай “Лінія Карбышава”. Ужо з’явіліся шыльды з выявамі зброі, гарадзенскія вайскоўцы выкапалі акопы ды ўсталявалі кулямётныя гнёзды, савецкія БТР-ы і танкі. Гэта ўсё мае стаць элементам вялікага музейнага комплексу з некалькіх экспазіцый, які павінен канчаткова з’явіцца каля Кургана да 2020 года. Ці патрэбна гораду гэтая вайсковая экспазіцыя? Сваё меркаванне выказвае гісторык фартыфікацыі Зміцер Люцік:

Канешне, было б вельмі лагічна ў Гародні ўсё гэта зрабіць, выкарыстоўваючы аўтэнтычныя рэчы. Напрыклад, калі гэта кавалачак лініі Молатава, які ў нас захаваўся, доты, якіх у нас захавалася шмат, якія ўдзельнічалі ў вайне, і там загінула шмат салдат падчас іх абароны. Таму лагічна было б зрабіць гэта менавіта там. І мне падаецца, што сучасны турыст даволі патрабавальны і яму патрэбны аўтэнтычныя рэчы.

На думку гісторыка, найбольш вартымі аб’ектамі, якія трэба пераўтварыць у музей, з’яўляюцца фарты гарадзенскай крэпасці, якія ў перыяд Першай сусветнай вайны абаранялі горад. Адкрыццё ж “Лініі Карбышава” ўлады Гародні запланавалі на 9 траўня, калі на Кургане Славы адбудуцца святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Перамогі.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня