У Гародні з’явіўся карабель дабрачыннасці
У гарадзенскім парку Жылібера ў Міжнародны дзень дзяцей мастачка Юлія Болбат і Цэнтр ПОРА прадставілі гіганцкі двухмятровы папяровы дзіцячы карабельчык.
Падчас прэзентацыі работы валанцёры цэнтра ПОРА запрашалі мінакоў пісаць словы падтрымкі дзецям з анкалагічнымі захворваннямі, што знаходзяцца ў дадзены момант на лячэнні ў Цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў в. Бараўляны.
Пра ідэю акцыі распавядае Юлія Болбат:
– Гэтая акцыя праводзіцца для таго, каб прыцягнуць увагу да дзяцей, хворых на рак. На жаль, такіх дзяцей шмат. Не ўсе пра гэта ведаюць і не ўсе ведаюць, што ім патрэбная дапамога. Таму ў мяне такі вялікі карабель. На ім пазначаны хэштэг, па якім у сацсетках вы можаце знайсці інфармацыю пра хворых дзетак, і калі ў вас ёсць магчымасць, памагчы ім фінансава.
Ганна Ждановіч, дырэктарка сацыяльна-дабрачыннага аб’яднання Цэнтр ПОРА:
– Для Алёнкі Стацэвіч мы хочам сабраць сродкі, і запрашаем дзяцей і дарослых напісаць добрыя словы пажаданняў у адрас дзетак, каб яны хутчэй папраўляліся.
Акцыя будзе цягнуцца ўвесь дзень 1 чэрвеня. Напрацягу першых некалькіх гадзін яе правядзення да валанцёраў напісаць свае пажаданні прыйшло некалькі соцень чалавек.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня